Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя А. Д. Сахарава Беларускага дзяржаўнага універсітэта

23 студзеня 2021 года спаўняецца 80 год з дня нараджэння кандыдата фізіка-матэматычных навук, прафесара экалогіі ЛЮЦКО АЛЯКСАНДРА МІХАЙЛАВІЧА (23.01.1941-4.09.1997 гг.), першага рэктара ўстановы адукацыі «Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя А. Д. Сахарава» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1992-1997 гг)

Аляксандр Міхайлавіч Люцко нарадзіўся 23 студзеня 1941 года ў вёсцы Чыжэвічы, Салігорскага раёна, Мінскай вобласці. Пасля заканчэння ў 1963 годзе фізічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта працаваў у НДІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі. Педагагічную дзейнасць пачаў у 1970 годзе на кафедры ядзернай фізікі БДУ. З 1978 па 1987 гг. загадваў лабараторыяй інструментальных і радыёізатопных метадаў даследаванняў Ціхаакіянскага інстытута біяарганічнай хіміі, на навукова-даследчых судах ён аб’ездзіў паўсвету.

Пасля вяртання на радзіму А. М. Люцко, глыбока ўсведамляючы негатыўныя наступствы Чарнобыльскай катастрофы, актыўна ўключыўся ў працы па іх ліквідацыі і па інфармаванні насельніцтва аб сітуацыі, якая абстаноўка склалася ў Рэспубліцы. У 1990 годзе ім была выдадзеная для масавага чытача кніга «Фон Чарнобыля», у якой у папулярнай форме расказана пра радыёактыўнасць і яе ўздзеянне на арганізм чалавека. Гэтая тэматыка была працягнутая ў кнізе «Чарнобыль: шанец выжыць», якая выйшла ў 1996 годзе ў суаўтарстве. А. М. Люцко адзін з першых паставіў пытанне аб неабходнасці падрыхтоўкі ў Рэспубліцы спецыялістаў радыёэкалагічнага профілю. Гэтая ідэя знайшла сваё адлюстраванне ў рашэннях 1-га кангрэса памяці Андрэя Дзмітрыевіча Сахарава ў 1991 годзе і была падтрымана Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый.

20 студзеня 1992 года Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь пры Беларускім дзяржаўным універсітэце імя У. І. Леніна быў адкрыты Міжнародны вышэйшы каледж па радыёэкалогіі імя А. Д. Сахарава, рэктарам якога быў прызначаны А. М. Люцко.

20 красавіка 1992 года ў зоне радыёактыўнага забруджвання, у в. Бабчын Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці быў створаны філіял каледжа, для рэалізацыі студэнтамі магчымасцяў праходжання палявых практык і вядзення навуковых даследаванняў навукоўцамі інстытута. У 1992 годзе ў Міжнародным вышэйшым каледжы па радыёэкалогіі імя А. Д. Сахарава быў створаны Міжнародны апякунскі камітэт, у склад якога ўвайшлі навукоўцы і грамадскія дзеячы з сусветным імем.  У чэрвені 1993 года ў каледжы ствараецца навукова-даследчы сектар. У кастрычніку 1994 года каледж быў ператвораны ў Міжнародны інстытут па радыёэкалогіі імя А. Д. Сахарава. З мэтай павышэння эфектыўнасці вучэбнага працэсу ў інстытуце, у сакавіку 1995 года на базе кафедраў «Ядзерная фізіка і радыёхімія» і «Радыёэкалогія і аграбіялогія» утвораны дэпартамент радыёэкалогіі. У кастрычніку гэтага ж года адбылося далейшае аб’яднанне кафедраў у дэпартаменты: дэпартамент радыёбіялогіі і медыцынскай экалогіі быў створаны на базе кафедраў «Медыцынская экалогія» і «Паталогія і імуналогія», а дэпартамент гуманітарнай адукацыі створаны на базе кафедраў «Ангельская мова» і «Французская і нямецкая мовы». У гэтым жа годзе пачаў працу Савет інстытута – вышэйшы кіруючы орган Міжнароднага інстытута па радыёэкалогіі ім. А. Д. Сахарава.

Выдатныя арганізатарскія здольнасці, мэтанакіраванасць рэктара інстытута, глыбокае бачанне праблем радыёэкалогіі дазволілі інстытуту ў кароткія тэрміны атрымаць міжнароднае прызнанне і прыцягнуць да вучэбнага працэсу кваліфікаваныя педагагічныя і навуковыя кадры.

Люцко, Аляксандр Міхайлавіч — аўтар 69 навуковых прац, з якіх 2 манаграфіі, 4 навучальных дапаможніка для сярэдніх школ па радыяцыйнай бяспекі. Па яго ініцыятыве і пад яго кіраўніцтвам была распрацавана Канцэпцыя радыёэкалагічнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Актыўная педагагічная і навукова-даследчая дзейнасць А. М. Люцко атрымала высокую ацэнку як у рэспубліцы, так і за мяжой. Ён быў абраны дзейным членам Нью-Ёркскай Акадэміі Навук, з’яўляўся членам Нацыянальнай камісіі па радыяцыйнай абароне, уваходзіў у склад шэрагу аўтарытэтных міжнародных арганізацый, яму, першаму ў Беларусі, было прысвоена вучонае званне прафесара па спецыяльнасці «Экалогія».

Аляксандр Міхайлавіч быў выдатным педагогам, які ўвесь час эксперыментаваў, грунтуючыся на традыцыйных падыходах да вучэбнага працэсу, ужываў новыя нетрадыцыйныя метады навучання. Яго шчырасць, непасрэднасць, адсутнасць ментарскага тону ў адносінах да калег і студэнтаў выклікалі любоў і павагу. Ён цалкам аддаваў сябе выхаванню студэнтаў, нацэльваў іх на творчую і годную будучыню, менавіта яго намаганнямі ў інстытуце, у 1992 годзе была створана Гільдыя студэнтаў, унікальная і адзіная ў ВНУ Рэспублікі структура студэнцкага самакіравання. Яго дапытлівы розум, шырокая эрудыцыя, дапытлівасць, жаданне падарожнічаць і пазнаваць свет знайшлі сваё адлюстраванне ў апублікаваных і неапублікаваных шляхавых нататках, у якіх ён паказаў сябе як псіхолаг, рамантык і аптыміст.

4 верасня 1997 года жыццё Аляксандра Міхайлавіча заўчасна абарвалася.